НАРО́ДНАЯ РА́ДА БЕЛАРУ́СКАЙ НАРО́ДНАЙ РЭСПУ́БЛІКІ,
орган прадстаўнічай улады Беларускай Народнай Рэспублікі ў 1919—20. Створана 13.12.1919 у Мінску ў выніку расколу Рады Беларускай Народнай Рэспублікі з-за супярэчнасцей паміж яе дзеячамі па пытанні аб адносінах да Польшчы. Прадстаўнікі Бел. партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПС-Р) і Бел. партыі сацыялістаў-федэралістаў (БПС-Ф) выступілі супраць «супрацоўніцтва» с.-д. кіраўніцтва Рады БНР з польскімі ўладамі. Рада БНР падзялілася на 2 часткі: большая яе частка (50 чал.) абвясціла сябе Н.р. БНР, меншая (37 чал.) — Найвышэйшай радай Беларускай Народнай Рэспублікі. Старшынёй Н.р. БНР абраны П.А.Крачэўскі (БПС-Ф), яго намеснікамі — П.Бадунова (БПС-Р) і В.І.Захарка (БПС-Ф), сакратарамі — Н.Козіч і Я Мамонька (БПС-Р). Яны склалі прэзідыум Н. р. БНР, які ў перыяд паміж сесіямі выконваў яе паўнамоцтвы. Раду Міністраў узначаліў В.Ю.Ластоўскі (БПС-Р). Пастановай Рады было прадугледжана, што ўсе дзеянні ўрада ўзгадняюцца з прэзідыумам Рады. Польскія акупац. ўлады не прызналі Н.р. БНР, выдалі загад пра яе роспуск, Бадунову, Ластоўскага і Мамоньку зняволілі ў турму. У студз. 1920 патаемна выехалі з Мінска ў Берлін Крачэўскі і Захарка. У маі 1920 Бадунова, Т.Грыб, Ластоўскі і Мамонька атрымалі дазвол выехаць у Рыгу, дзе да іх далучыліся Крачэўскі і Захарка. 4.7.1920 пачалося паспяховае наступленне Чырв. Арміі на сав.-польскім фронце. Паводле дагавора паміж Літвой і РСФСР ад 12.7.1920 Літ. Рэспубліцы былі перададзены Вільня і Віленскі край. Гэта выклікала абурэнне і Найвышэйшай, і Н.р. БНР. Захарка, які ўзначальваў дэлегацыю ўрада Ластоўскага на перагаворах у Маскве, уручыў ноту пратэсту наркому замежных спраў РСФСР Г.В.Чычэрыну. Гэты пратэст быў адвергнуты. Стала зразумела, што Сав. Расія не прызнае БНР. Бел. эсэры адмовіліся супрацоўнічаць з бальшавікамі і не падпісалі Дэкларацыю аб абвяшчэнні незалежнасці Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь. Яны патрабавалі абвясціць поўную незалежнасць Беларусі ў яе этнічных межах, стварыць самастойнае бел. войска і кааліцыйны сацыяліст. ўрад. Марнымі аказаліся спадзяванні і Найвышэйшай рады БНР на тое, што бел. дзяржаву прызнае Польшча. Пасля заключэння 12.10.1920 прэлімінарнага міру паміж РСФСР і Польшчай у Рызе 20 кастр. адбылася нац.-паліт. нарада з удзелам прадстаўнікоў БПС-Р, БПС-Ф і бел. сацыял-дэмакратаў. Чл. прэзідыума Найвышэйшай рады БНР К.Цярэшчанка ад яе імя прызнаў Нар. раду адзінай паліт. структурай БНР. З гэтага часу Н.р. БНР зноў стала называцца Радай БНР.
Кр.: Архівы Беларускай Народнай Рэспублікі. Т. 1, кн. 1—2. Вільня; Нью-Ёрк; Мн.; Прага, 1998. Анатоль Сідарэвіч.
т. 11, с. 176
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)